СМАЛЕ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальная дзяржава ў 12—15 ст. Цэнтр — г. Смаленск. Займала тэр. сучасных Смаленскай, часткі Маскоўскай, Калужскай, Цвярской, Бранскай абл. Расіі, усх. раёнаў Магілёўскай і Віцебскай абл. Беларусі. Паліт. адасабленне Смаленска пачалося ў 11 ст., але да пач. 12 ст. ён заставаўся кіеўскай воласцю. Самастойным С.к. стала пры Расціславе Мсціславічу [1125—59], пры якім дасягнула найб. памераў. На тэр. сучаснай Беларусі былі размешчаны гарады С.к. Орша, Копысь, Мсціслаў, Лучын, Прупой (Слаўгарад), Крэчут (Крычаў), воласці Басея, Вітрына, Мірачыцы; у 2-й пал. 12—1-й пал. 13 ст. пад кантролем Смаленска часта знаходзіліся Віцебск і Друцк. Пры Расціславе Мсціславічу пачалося драбленне С.к. на ўдзелы. У 12 ст. вылучыліся Васілеў, Красн, Мсціслаў, у 13 ст. — Таропец, Вязьма, Мажайск. У пач. 14 ст. Смаленск канчаткова страціў кантроль над Віцебскам, але ў сферу яго ўплыву трапіў Бранск. У пач. 14 ст. ад С.к. адышлі да ВКЛ землі Падняпроўя, басейн Проні і верхняе Паволжа. Пры кн. Іване Аляксандравічу [1313—58] Смаленск трывала трапіў пад уплыў ВКЛ. Кн. Святаслаў Іванавіч [1358—86] імкнуўся да захавання незалежнасці С.к., але ў выніку паходаў войск ВКЛ яно страціла значную частку тэрыторыі на Пд і Пн, у т. л. Мсціслаў і Ржэў. Святаслаў Іванавіч загінуў у Мсціслаўскай бітве 1386. Апошнія смаленскія князі Юрый Святаславіч [1386—92] і Глеб Святаславіч [1392—96] знаходзіліся пад уплывам ВКЛ. Скарыстаўшы міжусобіцу паміж Глебам і Юрыем, вял. князь ВКЛ Вітаўт у 1396 захапіў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў. Юрый Святаславіч з дапамогай разанскага князя ў 1401 вярнуў Смаленск. Вітаўт спрабаваў заняць горад у 1401, 1402 і 1403; у 1403 ён захапіў Мажайск, і Смаленск апынуўся ў акружэнні зямель ВКЛ. Скарыстаўшы нейтралітэт Масквы і смерць разанскага князя ў 1404, Вітаўт вярнуў Смаленск. С.к. ліквідавана і на яго аснове створана Смаленскае ваяводства.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 15, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)